РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Месяц рэжа неба на барозны,
сее жытам-зоркамі ўначы.
Так трывожна неяк і так грозна
раненая Беларусь маўчыць.
 
Бітвы, войны, страшныя пажары,
як пабоішча – мая зямля.
Колькі раз па ёй, як лівень з хмараў,
кроў чужая і свая плыла?!
 
Хтосьці з пушчаў, з рэкаў край наш выткаў,
пасяліў між імі цьвёрды род.
Чацьвяртованыя вечна недабіткі,
ажываем зноў каля балот.
 
Глянеш вокал – кроў у жылах стыне,
і душа зьнямелая баліць.
Зьбіты край наш сёламі пустымі
ў неба непагоднае глядзіць.
 
Не з падзякай, не казённым хорам –
сэрцы тут скрываўлена пяюць.
Каміны ўгару глядзяць з дакорам –
чорны жаль па тых, што не жывуць...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.