 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Мне несьці крыж і ўпасьці з крыжам Радзімы змучанай мае. Я не з рабоў, што руку ліжуць, якая іх штодзённа б’е. Цярпень маіх цяжкая ноша, і не заўсёды поўны стол. Ды я ня з тых, хто лічыць грошы, сабраўшы іх з жабрацкіх сёл. Я дзякую за прапанову, яна магла прыйсьці раней – у сьцюжу Поўначы суровай, у цемень дзён і бель начэй. Як сына клікала спрасоньня, малога хлопца ў сьвеце тым, што ўсіх зацягвае ў прадоньне, насьмерць марозіць ветрам злым. Была я нумар, шэрасьць, сьмецьце, аб’ект для зьдзеку, злосны раб. Такога мейсца мне на сьвеце рука другая не знайшла б! Чаму тады кусочак хлеба мне ваша не дала рука? Наказваюць ж бацькі і неба, каб накармілі жабрака. Калі камель я несла лесам, і штык упёрся мне ў плячо, вы спраўна, езьдзячы ў экспрэсах, сьпявалі гімны крумкачом. I нам цяпер не па дарозе, бо неаднолькавы наш сьпеў. Ваш – там такіх, як я, марозіць, сьвяты запальваючы гнеў. I я ў ваш хор не падыходжу. Вы апявайце кайданы і слаўце сталінскую рожу, на роднай ніве груганы. Вы здрадзілі і Край, і мову, шляхі змаганьняў і пакут. вы танным і прадажным словам ў няволю кінулі наш кут. Маной прасякла ваша ліра, упала ворагам да ног. Народную сьвятую шчырасьць вы не пусьцілі на парог. Сьпявайце ж Сталіну і гіньце, як ветрам скручаны чарот. Мяне ў прыгнечаньні пакіньце – там, дзе сягоньня мой народ.
1956
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|