РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Аднолькавы мне часта сьніцца сон –
ад бабак, ад прабабак (і я ж пральля).
Пра верацёны ён, пра цудны лён,
пра кветку папараці на Купальле.
 
Між пальцаў нітка тонкая мігціць,
прадзецца зь ёю зімні вечар сьпеўна.
Ні дум, ні верацёнаў не спыніць –
уюцца згодна аж да першых пеўняў.
 
Прадуцца часам і другія сны:
па кветку-папараць бягу трывожна,
адна ўначы празь цёмныя лясы,
і падаю, і кветкі не знаходжу...
 
I ўжо ня ніткі тонкія дрыжаць,
і не рука з вады палотны горне,
а боль скрозь сон, як вастрыё нажа
варожага – ізноў на маім горле.
 
Ня хочацца ні плакаць, ні пяяць.
I я рашуча зачыняю дзьверы
прад тымі, што над душамі стаяць
і ў тупасьці людской ня знаюць меры.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.