РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Благаславенны куточак спакойны –
Сьвятой Еўфрасіньні сьвяты манастыр.
Сюды не даходзяць набегі і войны,
любоў тут і мудрасьць, малітва і мір.
 
Багаты і бедны прад Госпадам роўны.
Чарніца прывабіла сёстраў сваіх –
зьмянілі палацы на кельлі князёўны
і грамаце кніжнай вучылі другіх.
 
Полацак слаўны, Полацак родны,
выстаіш, градзе, ў любой барацьбе,
гэта ж ішлі маладыя князёўны
ў затворніцтва вечнае да цябе!
 
Гэта ж табе яны ў сьветлае раньне,
парасткі гожыя роднай зямлі,
і маладосьць, і жыцьцё, і каханьне
ў дзявочых далонях ахвярна нясьлі.
 
Полацак, хай ты сягоньня някідкі,
дрэмле сівая ў табе даўніна,
жудасных войнаў, пажараў адбіткі
гойдае, песьціць на хвалях Дзьвіна.
 
Нізкі паклон табе, град Рагвалодаў,
мудрай Рагнеды радзінны куток,
князя Усяслава крывіцкага роду,
чый ля Сафіі мне чуецца крок.
 
Рыскаў ваўком да зямлі, як да маткі,
чуючы ў Кіеве полацкі звон.
Вольныя землі пакінуў нашчадкам
і слаўнае імя да сёньняшніх дзён!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.