РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Народ наш – Хрыстос, варты веры і цуду,
пасланы на крыж, ад пакут анямеў.
Ты ж славіў Яго і прадаў, як Іуда,
і трыццаць срэбранікаў займеў.
 
Ня будзеш мець шчасьця з такога жыцьця,
з чужацкіх заслугаў і танных мэдаляў.
Няўжо табе, хлопча вучоны, няўцям,
што брацьцяў прадаў, як Хрыста прадавалі?
 
Тут насьмерць, тут мурам стаяць сьмельчакі,
прыстыджаны вораг ад іх адыходзіць.
А ты ад чужынца прыняў медзякі,
пакінуўшы ганьбу на нашым народзе.
 
Іхняя справа – глуміць нас і біць
і забіраць у народа сьвятое.
Народу ж належыць узьняцца і жыць,
і ён вас, як варту, паставіў на тое.
 
I што ж вы данесьлі, няшчасны, на нас –
на нашу сямейку, што выжыла з мукаў?
На сына, што падаў, падцяты, ня раз?
Ці пад удар падставілі ўнукаў?
 
Ці за гасьціннасьць, за хлеб і за соль,
што мы падзялялі зь людзьмі без карысьці,
вы прадавалі народны наш боль
і неспакойныя, вольныя мысьлі?
 
Прывычныя мы кожны дзень працаваць,
цярпець за свабоду Айчыны каханай.
Дык што ж вы хацелі урэшце прадаць –
любоў да народа ці нашыя раны?
 
Такога, як вы, сярод нас не сустрэць,
бо мы гартаваныя ў горы, цярпеньні.
Калі хто з нас падаў, дык падаў насьмерць,
але ніколі – рабом – на калені!
 
Лясы ў нас ня з лозаў і не з бадылёў,
і не адныя блукаюць там зайцы.
Айчынныя пушчы – з адвечных дубоў,
таксама зубрамі яны ганарацца!
 
Народ не заплача, ня плачуць па тых,
хто так спадцішка да чужых адыходзіць.
Вылеціць болей арлоў маладых,
і болей дастойных жанчыны народзяць!
 
Роўныя ненавісьць ў нас і любоў,
а ў небясьпецы – ня страх, а адвага.
Калі ў нашых жылах яцьвяжская кроў,
то скажам вялікае дзякуй яцьвягам!
 
На поўначы лютай мы мерзьлі наскрозь,
Бог дасьць, нашым людзям так не давядзецца.
Марозілі старасьць нам і маладосьць,
хацелі яшчэ замарозіць нам сэрцы.
 
Не, так далёка мароз не пранік,
не замарозіў душы і сумленьня.
Мы крыкнем – і праўнукі ўчуюць наш крык,
патоптаных злыднямі ўзьнімуць з каленяў!
 
Ня тое рабіў з намі люты маскаль,
мардуючы лепшых ў нявольнай Айчыне.
Нам сёньня зламаных, застрашаных жаль,
як маці шкадуе аблуднага сына.
 
Нас мучылі, гналі, але не змаглі.
Зноў недруг над намі, над вамі лютуе.
Прыпадзьце абліччам да роднай зямлі –
магчыма, зямля, зразумеўшы, даруе...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.