РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У вечнасьць
Была хата сасновая, новая
палатном белым-белым абітая.
Гаспадар ў ёй ляжаў ганарова,
адпачыць ён прылёг нібыта.
За вакном сьняжок белым кужалем
высьцілае шлях дамавіне.
Ён раднёй і сям’ёй акружаны
і апрануты, як у гасьціну.
Невялікая ў яго грамата,
не чытаў ён разумных кніг,
а душою заўсёды памятаў:
жыць зь людзьмі – гэта жыць для іх.
Па кутах хаты пахнуць зёлкі –
сьвятаянскія і грымотнік,
гарыць сьвечак сягоньня столькі,
столькі твараў кругом гаротных.
Рэжа спрытна суседка зубчыкі,
шые дробныя фартушкі,
прыбіраць у дарогу звучана –
шлях і там, як і тут, цяжкі.
– Мы ў юнацтве, бывала, полечку
сьцерабілі, і не адну,
вось за тое цяпер, саколіку,
прыбіраю табе труну.
Не з дзяўчынай, зь сьмерцю заручаны,
зноў прыбраны, як малады...
Градам сьлёзы з вачэй засмучаных.
Праляцелі, як дні, гады.
Пакрапілі сьвятой вадою,
зерня сыпнулі шчодрай жменяй –
жыта маюць няхай з сабою
на тым сьвеце нашыя цені.
Дзень марозны, сівабароды,
іней белы ў сасны на вейках.
Палажылі ля свайго роду –
будуць родзічамі навекі.
А дадому дарога полем,
ой, даўгая цяпер, даўгая.
Стол накрыты, але ў застольлі
гаспадар гасьцей не чакае.
На акне стаіць чарка з хлебам –
хлеб бясплотнай душы ня трэба.
Вецер зноў за вакном усхліпвае –
гэтай чаркі ніхто ня вып’е.
Ля дзвярэй стаяць яго боты,
на дручку спачывае сьвіта,
гаспадар ня йдзе на работу
адпачыць ён прылёг нібыта...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.