РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Зноў сьцюдзёнае шэрае раньне
і скупое сьвятло з вакон.
А з душы маёй, болем раненай,
вырываецца цяжкі стогн.
 
Сёньня доля суровым росчыркам
сіратлівым зрабіла дом.
Стаяць кветкі вакол нябожчыка,
пазяхаюць яшчэ жыцьцём.
 
Дзень апошні ты ў хаце бацькавай,
адчуваю, што ты пры мне.
Мы – супружжа, сябры-прыяцелі,
ішлі поплеч, як на вайне.
 
Ты штодзень трываў бой няспынены
з тупым ворагам за жыцьцё,
за спакой пры дзьвярах зачыненых.
Дом адзіным быў укрыцьцём.
 
Урываліся і паганілі,
павуціну няпраўд плялі.
А душы твае беззаганнае,
беларускае не змаглі.
 
Замаўкалі перад мадоннамі,
прад Купалам сьціхалі, псы.
А ты гладзіў ціха далонямі
мае белыя валасы.
 
Бой трываў за сумленьне людскае,
да канца стаяў супраць цьмы –
за абсяг душы беларускае,
бо інакшай ня мелі мы.
 
Жаль – ня зможа вясною сонейка
на нас, змучаных, паглядзець.
Даканалі цябе, саколіку,
даканалі цябе насьмерць.
 
Сядзяць людзі вакол спрыяльныя,
стаіць ў сенях твая труна.
Словы падаюць разьвітальныя.
Заўтра буду зусім адна.
 
Стыне кроў мне зь вялікай роспачы.
Цябе клічу, а ты маўчыш.
Цяжка хворы, ужо ня могучы,
ты стараўся мне памагчы.
 
Гаспадар мой, сіла адзіная,
ў хворым целе нязломны дух.
На магілку ў хвіліну крыўдную
я ня раз да цябе прыйду.
 
Ты даруй мне, не дакаханы мой,
не даслуханы мо’ калі.
Вечна бітыя, вечна гнаныя,
мы жылі на сваёй зямлі.
 
Мы ня зналі долі інакшае,
як за праўду, за волю бой.
Не нясеш ужо крыжа цяжкага –
ён стаіць цяпер над табой.
 
1979
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.