Гэй ты, маці, родна мова, Гэй ты, звон вялікі, слова, Звон магучы, Звон бліскучы, З срэбра літы, З злота зьбіты, Загрымі ты, Загрымі! Гэй, званар, званар, мой пане, Бій у звон, як змогі стане, Без спачынку, Безупынку, Потам зьліты, Ім умыты, – Бій, звані ты, Бій, звані! Гэй, гусьляр, пясьняр, мой браце, Грай, сьпявай у полі, ў хаце, Дзе гарота, Дзе галота, Дзе нясыты, Дзе няўмыты. Ім спыні ты, Жаль спыні! Струны хай грымяць і рвуцца, З болю, з гневу. Хай сьмяюцца Разам зь імі, Не чужымі, Голас чысты, Залацісты, Зь імі зьлій ты, Зь імі зьлій!..
1912
|
|