Месяц – камень, магнiт астранома, Несхаваная ў час навагодняя цацка, Учарашнiя ўсёдаравальныя промнi, Танны згублены гузiк салдацкi... Маладзiк – маляваны сьвятлом пачынальнiк, Знак, якi выпадкова пакiнулi продкi, Чарапочак археалягiчнай знаходкi, Скрылiк лямпачкi зь бiблiятэчнай чытальнi... Поўня – сродак болесуцiшальны, Шкельца ад люстраных акуляраў, Сподак ураўнаважаных шаляў, Незагнаны ў сiло, шар бiльярдны... Сход – кавалак будзённага дзённага неба, У лiловай атруце лiмонная долька, Напамiн, ад якога мне робiцца золка, – Луста хрумсткага пасьлясьвяточнага хлеба... Ветах – дужка наступнага сказа, Ад якога пачнецца народная казка, Алавянага неба iртутная частка, Утаптаная ў ноч металёвая каска, Камэртон арганiста, пакiнуты брату На доўгую-доўгую памяць...
|
|