Чаму з маленства, з ураджэнства Ў жыцьцёвы май Ня ўмеў, як маці, шанаваці Цябе, мой край? То ж я з тваёю ключавою Сьвятой вадой Напіўся болю аб нядолі, Бядзе людской. То ж ты, мой хмуры, даў мне пануры І ціхі гнеў, А днём падчасным, так пекным, ясным, Надзею грэў. Твае ж курганы, лясы, паляны, Дубкоў тых шум, Палёў абшары, люд бедны, шары Мне далі дум. А дум тых многа... Не, не убога Ты даў мне іх. I ты ж, як маці, наўчыў сьпяваці Аб думах тых. Я браў, ня бачыў і не адзьдзячыў Табе нічым, Бо счараваны – цябе, ўкаханы, Ня знаў саўсім. Цяпер хоць знаю, дык што ж параю Ад позьніх скрух? Ў чужой краіне паволі гіне За целам – дух. Вазьмі ж хоць сьпевы, дум перапевы Лясоў тваіх. З тваёі глебы, з тваёга неба Узяў я іх.
|
|