РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Яўгенія Янішчыц
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Красная цана
Шуміць базар, кіпіць базар сталічны,
А на прылаўках дыхае зямля.
Дзябёлая кабета артыстычна
Каштуе дар прыроды спакваля.
 
Гандлююцца, гамоняць, ушчуваюць
Сівую бабку ў лёгкім пінжаку.
I яблыкамі сеткі набіваюць,
I лаюцца на шорсткім скразьняку.
 
Не чырваней, як сьпелы яблык, бабка, –
Заступніца спусьцелага сяла.
Бяры за рэстараны, за тэатры,
Ў якіх, відаць, ні разу не была.
 
За боль бяры, за жорсткія спакусы
Вачэй,
              што адшугалі, як ільны.
За цёмныя засушаныя вусны
З трагедыі праклятае вайны.
 
За град бяры, за хлюпкія сумёты,
За звыштраскучы студзеньскі мароз,
За тое, што усе твае суботы
На кожным тыдні – красныя наскрозь.
 
Бяры за быль, бяры за небыліцу,
За тое, што аглухла, як сьцяна.
...Павінна ў рэшце рэшт і на зямліцу
Быць красная, адменная цана!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.