РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Яўгенія Янішчыц
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вушацкая калыханка

Рыгору Барадуліну

 
Па полю ды па сенажаці
Нясла, каб песьню не ўрачы.
...Ці ведаў сьвет, якая маці
Сьпявала сыну уначы!
 
Блакадны лес гукнуў: «Ку-лі-на-а...»
Ля ног сквалчэла дзераза.
Запала рана ў сэрца сына
Любові мужная сьляза.
 
          ...Ходзіць сон каля акон,
          А дрымота каля плота.
          І нытае сон дрымоту:
          – Дзе мы будзем начаваць?
          – Дзе хацінка цяпленька.
 
А гукі ткаліся са скрухі,
Ўрасталі ў дол, як карані,
Сярод сусьветнае разрухі,
Сярод аклятай цішыні.
 
Ты прыхіні яго, яліна!
Маланка, долі не суроч!
«Ку-лі-на», чуецца, «Ка-лі-на»,
I не хавае сьцежкі ноч.
 
Ой люлі-люленькі, люлянка...
Блакадна пераць перуны.
Адно, кашулька-вышыванка,
Як матылёк, сярод вайны.
 
Крывава зіркае маліна,
I дымам курчыцца чабор.
«Ку-лі-на», трызьніцца.
                                                  «Ка-лі-на», –
Перабірае струны бор.
 
За ёй, як нітка за іголкай,
Ён бег па жаху, па вайне.
...А песьня тужыць перапёлкай
У недажатай збажыне.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.