РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Яўгенія Янішчыц
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Аблокі, нібы воўна.
I молада лістам.
Я ад чаго раптоўна
Баюся слова «там»?
 
Бульбянік лапавухі
Ўсьміхаецца вятрам.
А я з чаго б – да скрухі! –
Баюся слова «там»?
 
Гарчаць чабор і мята,
Згасае дня квадрат.
Там дзед ужо. I тата.
Там горкі друг. I брат.
 
Там срэбныя аковы
Ляглі на ярыну.
Там тое, што ніколі
Назад я не вярну...
 
Сьляза непрыхавана
З надзеяй папалам.
Мне рана, рана, рана
Ўзірацца ў бездань – там!
 
Тут зоўны полаг ранку,
Карэц вады жывой,
Дарога-самабранка,
I думка-ашуканка,
I сьветлыня, як нянька,
Над цяжкай галавой.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.