І шлях, што тчэцца сьлёзкамі зязюль, I жніўны дзень сьпякотны, без прадыху... Чым непапраўна-модада дасюль Жыла і я, нібы ня меўшы слыху? Дакладнік-час узважыць мой хатуль, Сава над мітусьнёю зарагоча. Чым незваротна-молада дасюль Ішла і я, бы завязаўшы вочы? Ці век перавярнуўся ўгору дном, А ці самоты стала забагата... Мне мроілася: песьняй, як радном, Мяне заўжды накрые ў скрусе хата. Туга, маленства мячык падфутболь, – Няхай ляціць вясёлы ды ружовы! Я ўся цяпер – неразгаданы боль Сустрэчы, слоўка, шэпату, размовы.
|
|