Спаткаў сягоньня я сваю Нядолю, Знайшоў яе у сіненькім ляску. Брадзіў бяз мэты я, душа гарэла з болю, I думаў: будзе мне лягчэй у халадку. Спаткаў, пазнаў яе і вось пытаю: – Скажы ты мне, Нядоленька мая, Багата жыцьця кніг яшчэ перачытаю? Калі і на якой чытаньне скончу я? Скажы, ня крыйся мне, мая камратка, Дзянькі мае маркотныя чаму? Адзін ў адзін ідуць, ва ўсіх адна апратка, Як душы грэшныя ці вінныя каму. Чаму, яшчэ скажы, мая ядына, Люблю зямлю, вялікі жыцьця ток, Як неба зорачкі, каханьнем моцным сына, А сам – адлучаны ад дзераўца лісток? Яна у вочы люба мне зірнула, Ўзлажыла белы ручанькі на мне, Маўляў, сястра мая, да сэрца прыгарнула, Часамі так цябе каханка прыгарне. – Чакай, харошы мой, пакінь задумы! Душу сваю пытаньнямі ня муч, Зірні на гэты лес, прыслухайся у шумы, А можа, знойдзеш ты жыцьцёвы вечны ключ! Стаіць магутны лес, ізноў убраны Ў зялёны ліст дагледлівай рукой, I п’ець спажыўны клёк, старыя гоіць раны... Зірні: якая моц! Зірні, які спакой! Штогод ўміраець ён парой асеньняй, Каб зноў аджыць, убачыўшы вясну. I гэтак ўсё ідзець чаргою пераменнай: То скіне сон з вачэй, то зноў ідзець да сну. Расьцець дубочак тут, – які зялёны! Другі, стары, калодаю палёг; I сын ідзець ўгару, як бацька ў час мінёны, Што даў жыцьцё яму, а сам зваліўся ў мох. Цячэць ручайка вось, і ту ж ня стала! Няма яго, схаваўся у зямлі, А недзе – тамака рака зямлю прарвала, I воды тэй ракі па лузе пацяклі. I ты, о, любы мой! Як лес зімовы, Заснуў, ляжыш, ня можучы устаць, Але наступіць дзень вясёлы, пекны, новы, I радасьць вольнасьці павінна завітаць. Дзянькоў маркотнасьць ты сваіх ў распачы I тэй сваей адлюднасьці ня гудзь: Пакуту Рок табе, шчасьліваму, прызначыў, I ўдзячным за яе Вялікаму ты будзь. Няма пакуты дзе – няма пазнаньня, Душа тагды лагчынамі паўзець, А што гарчэй, скажы, цяжэй перапаўзаньня? А што страшней яшчэ, як вочмі не глядзець. Аб сьмерць пытаеш ты? Калі сканчыцца Жыцьцё тваё, – міленькі, не пытай! Спрабуй ад думак тых, ад хворых палячыцца, Прыходзь у гэты лес – паветра тут глытай. Жыві, каб жыцьце даць другім, малодшым, Як дуб стары, што ўзгадаваў дубка. А там... ручайка зьнік! I мы пуцём каротшым Пайдзём ў зямлю за ім, каб выплысьць, як рака.
|
|