РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Алесь Гарун
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Слабасьці
Няхай душы, каторай Бог надаў любоў,
Праклёны – грэх, – аб гэтым буду знаць я!
Кляну цябе, кляну цябе ізноў і зноў,
                    I буду праклінаць я.
То ж ты ка мне прыйшла, як волю адабраў
Тыран маю, скуў цела ланцугамі,
I думкі вольныя з душы павыдзіраў,
                    I растаптаў нагамі!
То ж ты прыйшла тагды і стала ля вакна
I ў вочы мне зірнула цераз краты,
Ты, подлая, ніхто, як ты адна,
                    Ты будзь праклята!
То ж ты мяне, як маці, моцна абняла,
Сьлязой спаўчуцьця бледны твар абліла,
Што хвіля ясных зор, сьвятых ахвяр прайшла, –
                    Ты гэта гаварыла!
То ж ты казала мне, каб я, хаця на час,
Зьмірыўся бы, пакуль тыран катуе,
А ён усё гняцець! Душыў ня толькі нас, –
                    На ўсіх лютуе!
То ж ты шаптала мне: «Успомні, што ты сын,
Пацеха старасьці». Калола грудзі
Мне тым. А дзе закон: «Ідзі, свой дом пакінь
                    I родных людзі?»
То ж ты аблутала душу ганебным сном,
I вось яна: гатовая магіла.
Замест жывой зямлі кладуць труну зь мярцом...
                    То ж ты зрабіла!
Пусьці ж, абрыдлая, з тваіх ласкавых шпон,
Няхай памру, калі ня буду жыў я,
Абы мне споўніці сьвяты жыцьця закон,
                    Абы ня згніў я!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.