РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Алесь Гарун
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вясна

#I
Дзе дадуць – зраблю пазыку
I найму сабе музыку, –
Дудара зь яго дудою,
Каб іграў ён моцна ёю.
          «Грайка, грай! я засьпяваю,
          Што цяпер на сэрцы маю...»
          І дудар ужо іграе,
          Маё сэрца так сьпявае:
«Прападзі, мая жуда,
Ўсё, што церпіць небарак,
Ўсе нястаткі ды бяда, –
Я счарнеў, глядзі, і так,
          Толькі вус адзін бялявы...
          Годзе мучыць! Я хачу
          Сілы, працы і забавы
          I вясельля уваччу...»
А з чаго ж я узбуяўся?
– Бо вясна ідзець да нас:
Як убачыў – засьмяяўся
I вясёлы стаў на час...
          Грайка, грай! бо сэрца скача,
          Яму трэба моцна граць;
          А жуда няхай паплача –
          Час яе і забываць...

 

#II
...Вясна прыйшла!
Што чакалі, выглядалі,
Да сябе даўно гукалі, –
Ў бляску сонца, ў зеляніне,
У прыгожасьці, ў ярыне,
Сама – пекнасьць, сама – сьвята
I прыгожа і багата.
Да нас прыйшла!
          Я вітаю
Яе ў сонцы, ў зеляніне,
Што на роднай на краіне
Гоніць бляскам сваім ноч,
Гоніць сьнег і хмары проч;
Яна радасьць мне і сьвята,
Ёй я дзякую багата
          I вітаю!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.