РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Алесь Гарун
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Песьня
Прыказала слонца ветру
          Перастаці,
Прамаўляла: «Годзе, ветрэ,
          Бусаваці».
Прамаўляла: «Дай жывёлам
          Адпачынку,
Перастань жа, ветрэ, дзьмуці
          Безупынку».
I ўзышло ў бліскучай шаце
          Залатое
I пястуець любым вокам
          Ўсё жывое.
Не сядзіцца ветру ў хаце –
          Быстраходу,
Не уцерпеў, ўзьняўся бурай
          Ад заходу.
Карагоды хмар па небе
          Панясьліся,
Паліліся зь неба сьлёзы,
          Паліліся...
 
Прамаўляла дзеўча сэрцу –
          Ненаглядзе:
«Не хадзі ты вішні есьці
          Ў чужым садзе.
Не хадзі к другой ў залёты,
          Не ўдавайся,
У другія вочкі, любы,
          Не ўглядайся».
 
Лугавой лілеяй дзеўча
          Расквітала,
Цалавала сваю ўцеху –
          Мілавала.
А няверны той удаўся
          За другою, –
З млынароўнай пахаджае
          Над ракою.
З млынароўнай жарты строіць
          Каля млына,
А дзяўчына сохне, вяне,
          Як галіна...
 
Ой, з-за хмарак ясна слонца
          Йшчэ узыйдзе,
Да дзяўчыны ж любы ўвечар
          Больш ня прыйдзе.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.