РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Алесь Гарун
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Казка
«Што, дзяўчаткі, парабочкі,
Казку вам сказаці?
Ну, якую ж проці ночкі
Лепей нагадаці?..
            Добра!.. Слухайце уважна,
            Не перабіваці!
            Сядзьце чынам і паважна,
            Кіньце блазнаваці!
За ваконцам вецер сьвішча,
Як ваўчына вые,
Ведзьмы справілі ігрышча,
Ведзьмы маладыя.
            Ў хаце цёмна, ціха, смутна,
            Цяжка а тужліва,
            Уздыхае хтось пакутна,
            Неяк сіратліва.
Ўдовай бабкі сын прыгожы
Сеў каля ваконца,
Чымсьці хворы, спаць ня можа.
Выглядае сонца.
            Ведзьмы скачуць і гуляюць,
            Зірк ў вакно: хлапчына!
            У ваконца барабанюць:
            «Выйдзі, малайчына!»
Выйшаў. Чуе – нехта плача,
Ціха нехта кліча:
«Сюды, сэрца! Гэй, бурлача,
Пакажы аблічча!»
            Йдзець. На прызьбе каля хаты
            Бачыць: маладзіца,
            Пекнай ўроды, строй багаты,
            Ясны, аж мігціцца.
Стаў і словам не азьвецца,
Моцна задзіўлёны,
А яна – дык проста рвецца:
«Мілы, улюблёны!
            Сядзь жа поруч, не цурайся
            Ды любі мяне ты,
            Ты ж наблутаў, не сьпірайся,
            На мяне цянеты».
Сеў хлапец несамавіты,
Зь ведзьмаю абняўся,
Вецер, злога прагавіты,
Роў і не спыняўся.
            Рукі белы аплятаюць,
            Ўюцца каля шыі:
            Кроў прыціскі калатаюць...
            Вецер сьвішча, вые.
Потым палкім пацалункам
Ў вусны упілася...
Сэрца смокча... і з рабункам
Ў віхры паняслася.
            А дзяціна так ля дому
            І сядзець застаўся...
            Ведзьмы вобраз маладому
            Доўга ўспамінаўся.
Як успомніць – сэрца рвецца
Проста у скумацьце,
Да нічога не прыткнецца,
Ўсё сядзіць у хаце.
            І канец. А ведзьма? Можа,
            Да другога ходзіць,
            Маладая, ды прыгожа
            Жарцікі разводзіць.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.