РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Алесь Гарун
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Габруська
Габруся ў жаўнерку ўзялі,
Ад дамоўства адарвалі.
            Ой, Габруська, Габруська!
Зажурыўся стары татка,
Стогне цяжка, плача матка:
            – Ой, Габруська, Габруська!
Залілася слязьмі люба:
– Не запомні, мой галубе,
            Мой Габруська, Габруська!
Муштравалі ў войску строга,
Не давалі думаць многа.
            Ой, Габруська, Габруська!
Дзецюкова сэрца б’ецца,
Бацьку ўспомніць – скаланецца.
            Ой, Габруська, Габруська!
Дзецюковы думкі ўюцца, –
Матку ўспомніць, сьлёзы льюцца.
            Ой, Габруська, Габруська!
А дамовы вецер вее,
Любу ўспомніць – абамлее.
            Ой, Габруська, Габруська!
Захварэў Габрусь на службе, –
Ліст пісаці кажа дружбе.
            Ой, Габруська, Габруська!
«Не чакайце мяне ў хаце,
Час прыйшоў мне паміраці».
            Ой, Габруська, Габруська!
Ой, сканаў Габрусь ў чужыне,
Жаль ўчыніў сваёй радзіне.
            Ой, Габруська, Габруська!
Засмуціў ён сваю любу:
– З кім  пайду цяпер да шлюбу,
            Мой Габруська, Габруська?!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.