РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Алесь Гарун
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сын
Гэй, у чыстым полі ды ня сонца грэе,
Дый ня сонца грэе, ды ня вецер вее,
            Не туман спусьціўся,
            Не дубок схіліўся.
На шырокім полі ды па тым прасторы,
Ля дарогі самай, на зялёным ўзгоры
            З ног дзяцюк зваліўся,
            Бразнуўся, пабіўся.
– Ці ж ня сорам, хлопча, табе маладому?
Ганіць будуць людзі, едучы дадому:
            «А ты ж маладзенькі,
            Піці недужэнькі!»
– Ой, ня ганьце, людзі, – з гарэлкай ня знаўся, –
Я у сьвет далёкі за шчасьцем пагнаўся,
            Ад радзімай маткі
            Ды і зь беднай хаткі.
Ды па ўсёй зямліцы, дзе шыбае вока,
I пад самым небам, доле то ж глыбока
            Быў я, цікаваўся,
            Шчасьця прыглядаўся.
Не памеў я шчасьця, ды пазнаў я гора
I крыві разьлевы, сьлёз сірочых мора,
            Скрозь а скрозь гарота,
            Дзе ні глянь – маркота.
I падумаў зноў я дахаты вярнуцца
Ды да роднай маткі к сэрцу прыгарнуцца,
            Рукі цалаваці,
            Сьлёзы праліваці,
Каб прыняла сына свайго, валацугу,
Каб прыпеставала, адагнала тугу,
            Зельлейкам паіла,
            Раны пагаіла.
От ня маю сілы, не трымаюць ногі,
Раптам занядужаў, паў каля дарогі,
            Знаць – ня ўбачыць маткі,
            Не дайсьці да хаткі!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.