РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Алесь Гарун
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Варожба
Засьцянковая аповесьць
Бліжыцца поўнач. У гэтай парэ
Сон пахаджае па панскім дварэ.
Сьпяць, паканчаўшы звычайную працу,
Чэлядзь ў пякарні, паны у палацу;
Толькі стары вартаўнічы Ігнацы
Ходзіць з клякоткай і піпкай сваёй:
Двор сьцеражэ ад людзіны ліхой.
 
Ходзіць стары і мурмоча пад нос:
– Ну і пракляты ж сягоньня мароз!
Новы кажух прабірае, пся вера,
Быццам кажух – не кажух, а папера!
Брэша, ня зломіць старога жаўнера, –
Панна Эмілья, хай Бог ёй аддасьць,
Вызваліць з гора, ня пусьціць прапасьць.
Цёнгле, як толькі пачнецца цямнець,
Зараз палынаўкі з кухні нясець,
Міла глядзіць і ласкава сьмяецца:
– Хочаце, можа, Ігнацы, пагрэцца? –
Гэткі парадак ня ўсюды вядзецца!
Добрае сэрца! Павет абысьці,
Роўную паньне, бадай, каб знайсьці...
Адвэнт1 на сходзе. Яшчэ да каляд
Тыдзень астаўся адзін акурат.
Неба у зорках, і кожна зь іх зьзяе,
Месяц зялёны свой сьвет пасылае,
Лёгкі марозік за шчокі хапае,
Сьнег пад нагамі прыемна рыпіць, –
Ведае варту Ігнацы, – ня сьпіць.
Панна Эмілья тым часам сабе
Вечар праводзіць у нейкай журбе:
Нейкія брэдні плятуцца дзяўчыне, –
Быццам яна не ў дварэ ахмістрыня,
Быццам яна не жывець ў ахвіцыне,
Быццам яна немаведама хто,
Хочацца сэрцу няведама што.
Ўспомніць мамульку, татульку, свой дом,
Ўспомніць сябе невялічкую ў ём,
Старшага брата і няньку-бабульку,
Тэклю, Агатку, Ганульку, Аршульку,
Даўных равесьніц... кароўку Рабульку...
Дзе яно ўсё? I ня вернеш тых дзён,
Зьнікла, як дым, расплылося, як сон!..
 
Страшна і ўспомніць далёкі той год
(Чорным яго называе народ), –
Пошасьць з касою па сьвеце хадзіла,
Панну Эмілью сіроткай зрабіла,
Родных, сямейку зямлёю пакрыла.
Доля, няйначай, – ў яе ўсё руцэ:
Ўзялі паны гадаваць пры дачцэ.
 
Ўстане, паходзіць і сядзе ізноў,
Б’ець у галоўку гарачая кроў;
Нейкія ў сэрцы парваліся тамы2,
Твар то збляднее, то зробіцца ў плямы...
Стане прад маткай сьвятой з Вострай Брамы3,
Просіць: «Прачыстая, згінуць ня дай,
Гора адкінь, ад бяды захавай!»
 
Ручкі заломіць, і сьлёзы цякуць...
Новыя думкі ізноў набягуць,
Жыцьце у людзях сабе выкладае,
Цяжкае жыцьце! Хаця спагадае
Маткі заступніца – пані старая,
Пан як бы родны, – нявесела жыць!
Час у жалобе, ў маркоце бяжыць.
 
Хочацца сэрцайку ласкі ня той, –
Хочацца спогадзі паньне другой...
Тэкля, Аршулька, Ганулька – малжонкі,
Шлюбныя носяць на пальцах пярсьцёнкі...
Моліцца панна да ўласнай патронкі:
– Панна сьвятая, ты неба ўмалі,
Вернага друга мне ў жыцьці пашлі!
 
Потым ўсьміхнецца прыгожа... Каму?
Ведама – пэўне, яму аднаму...
Рожы4 цьвітуць на бялюсенькім твары,
Што ж тут за цуд і чые ж гэта чары?
Праўду сказаць? Вінаваты гусары,
Ну, хоць ня ўсе, дык, прынамсі, адзін
Паньне прычынай маркотных гадзін.
 
Статны, прыгожы, – праўдзівы жаўнер, –
Гляне – як сокал! Які ж кавалер!
Майстар на жарты які, на хіхоты,
Як удаецца ў шабунькі, ў залёты,
Лёсткі пушчаць – навучыся ў яго ты!
Як ён часамі умее глядзець,
Ў танцы які! – не пазволе сядзець!
 
Ручку як сьцісьне, на вуха шапне
Слоўца такое, што й сэрца замрэ!
Шкода, нядоўга яны пастаялі...
Толькі тры тыдні ўсяго балявалі
Гэтта ў дварэ і паехалі далей.
Рушылі ў Вязьму, а стуль пад Маскву,
Чуець паненка, маўляў, наяву,
 
Як прад ад’ездам ён цяжка ўздыхаў;
Помніць – навекі аб ёй прысягаў,
Як ад’язджаючы, бачыць, скланіўся...
Праўда ж? Ці помніць? Ці, можа, забыўся?
Любіць? Ня любіць?.. Ў другую ўлюбіўся?
Можа, ўдаваў закаханьне на жарт?
Трэба аб гэтым спытацца у карт!
 
Праўда, што адвэнт і грэх варажба,
Што ж – калі гоніць ў сухоты журба!
Бог міласэрны няхай выбачае...
Панна Эмілья ў красэлка сядае,
Талью картуе, шэсьць карт выкладае,
Сёмая карта кладзецца пад ніз.
Хітры пасьянс пачынае: «Маркіз».
 
– Любіць? ня любіць? Любіў? не любіў?..
Верным астаўся?.. Ці верным ня быў? –
Шэпча паненка. Пасьянс збунтаваўся...
Дзе ж той чырвоны кароль падзяваўся?
Мусіць, ня любіць!.. Не, гэты ня ўдаўся!..
Іншы спрабую цяпер разлажыць –
Час памаленьку бяжыць ды бяжыць.
 
Поўнач прайшла. У дварэ петухі
Раз прапяялі з-пад цёплай страхі,
Крайчыкам месяц з-за туч выглядае,
Панна Эмілья варожб не кідае,
Новы, хітрэйшы пасьянс раскладае:
– Любіць, ня любіць, любіў, ашукаў,
Верным астаўся ці ім не бываў?
 
Рыпнулі дзьверы... I вось на парог...
Панначка – зірк! – гэта ж ён, далібог!
Палец да губ прылажыў, усьміхнуўся,
Дзьверы прымкнуў за сабой, азірнуўся.
– Панна чакала, каб я дый вярнуўся?
Ціха на пальчыках к ёй падышоў,
Дзеўча адразу ня знойдзе і слоў.
 
Потым зьдзіўленьне крыху адышло.
– Скуль пан узяўся і што прывяло? –
Гэтак пытае. Урода асанны.
Сам, як ягнятка, ласкавы, рахманы.
– Жыць не магу без каханае панны!
Мусіць, нігдзе не спаткаю такой...
Дай ты мне шчасьце, вярні мой спакой!
 
Рукі злажыў і на коленкі стаў,
К ножкам дзяўчаці галоўкай упаў.
Панна Эмілья, смуціўшыся гэтым,
Хоча устаць, адхіснуцца, а дзе там!
Ён не пушчае і моліць ўсім сьветам:
– Будзь гаспадыняй, царыцай маёй,
Сэрца зьлячы мне, душу заспакой.
 
Што тут рабіць? Гэта ж могуць пачуць,
Потым у  вочы усе засьмяюць:
Панна уночы госьцяў прымае!
Ручкай гусара з кален падымае,
Просіць устаць, не крычэць, сунімае,
Садзіць у крэсла, прыносіць вады...
– Ціха, мой пане, наробіш бяды!
 
Людзі пачуюць, – нічога табе, –
Сеў дый паехаў, і сам па сабе.
Я ж і назаўтра тут мушу астацца;
Будзе ад сораму недзе схавацца,
Людзі пачнуць як навокал сьмяяцца:
«Ў панны Эмілі ёсьць кавалер».
– Хай не сьмяюцца! Бо плакаць, павер,
 
Будуць, паненка, яны над сабой,
Покуль гуляю яшчэ з галавой,
Покуль ня судзіць мне доля прапасьці,
Хіба сама ты захочаш напасьці,
Думкі ня споўніш маеі аб шчасьці.
Ведай: прыехаў забраць я цябе,
Ў разе ж нязгоды – застрэліць сябе.
 
Бачыш, кладу я на стол пісталет:
Коркі падняты, набоі як сьлед.
Добрая гэта турэцкая штука!
Дзед адабраў на вайне ў мамалюка5;
Можа, сягоньня прыдасца на ўнука.
Воля твая: рассудзі, выбірай, –
Шчасьцем дары ці насьмерць пакарай.
 
– Пан, не даеш мне з чаго выбіраць,
Я не хачу ні судзіць, ні караць!
Як жа так раптам... Ці ж можна, скажэце?
То ж не гульня, а мы з панам ня дзеці, –
Трэба падумаць яшчэ, паглядзеці.
– Панна Эмілія, мне не пярэч!
Хіба ня любіш?.. Ня панская рэч!
 
Пану да гэтага дзела няма,
Ведаю думкі свае я сама,
Можа б, любіла, каб гэтак ня ягліў6,
Так не пужаў і з адказам ня нагліў7,
Быў да паненак ня гэтак павадліў,
Можа б, тагды і пайшла... А цяпер?! –
Панна збляднела, маўляў, бы папер;
 
Хоча сказаць і баіцца сказаць,
Вочкі спусьціла, павекі дрыжаць...
Той жа гусар, як смала, прычапіўся,
Ручку цалуе і з крэсла ўсхапіўся,
Зноў на каленях у ног апыніўся.
– Слонейка, – просіць, – кажы, не чакай:
Ў пекла мне судзіш ці разам у рай?
 
Любіш – ня любіш, шкадуеш ці не,
Дай жа спакою, ня мучай мяне!
Сэрца паненскае, ведама, з воску,
Возьмем мы места ці зьвернемся ў вёску,
Толькі б агоньчык і зараз жа сьлёзку,
Ясную сьлёзку на вочка пашле,
Хоча – ня хоча, дый скажа «але».
 
Гэтак і з паннай Эмільяй было.
Нешта ад сэрца к грудзям падышло,
Потым у горле клубком перасела,
Быццам бы выскачыць сэрца хацела;
З вочак сьлязінка скацілась нясьмела,
Сьледам другія сьпяшаюць ісьці...
– Люблю, – кажа панна, – люблю... адпусьці!
 
Ускочыў, падскочыў гусар малады
Так, як бы чорт ад сьвянцонай вады.
Рады, сьмяецца і ручкі цалуе,
Пусьціць, абніме, ізноў прымілуе,
Ну, не раўнуючы, мора хвалюе!
Нават апомніцца ёй не дае,
Рупіць зьбірацца, капоцік ўзьдзяе.
 
Гасіць лаёўку, вядзець на парог,
Клямку шукае... Ды Бог засьцярог:
Панна зірнула каханку у вочы, –
Так, як вугольлі, гараць сярод ночы...
Верыць – баіцца, ня верыць – ня хоча.
– Хто тут? – пытае. Ён цягне, маўчыць...
Панна ў трывозе тады як ўскрычыць:
 
– Маці Прачыстая! Ў помач прыйдзі!
Згінь ты, шатане, – мара, прападзі!
Згінь, прападзі ты, нячыстая сіла! –
Правай рукою яго ахрысьціла.
Чуе: рука, што трымала, пусьціла.
Прывід той страшны прапаў ў цемнаце.
– Кінь варажыць ў адвантовым пасьце! –
 
Голас чужы з-за дзьвярэй прагрымеў.
Панна... прачнулась. Ліхтар абгарэў,
Мусіць, даўно дагарэла лаёўка,
Смрод у сьвятліцы... балела галоўка,
Ціха празь сені прайшла пакаёўка.
Стары гадзіньнік паказвае пяць...
– Ах, як заспалася!.. Трэба ж так спаць!
 


––––––––––––
1 Адвэнт – калядны пост (каталіцк.).
2 Тамы – перашкоды (польск.).
3 Вядомая каталіцкая ікона ў Вільнюсе.
4 Ружы.
5 Тут у сэнсе:  у турэцкага ваякі.
6 Каб гэтак настырна не дамагаўся.
7 Не прысьпешваў (паланізм).
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.