РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Алесь Гарун
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Шчасьце Мацея
Старадаўная казка
Жыў сабе ў сяле Мацей,
Меў шасьцёра ён дзяцей,
Сядзеў, бедны, без работы,
Бо ня меў к таму ахвоты.
Красьці ён высьцерагаўся,
Знаць, астрога крат баяўся,
А шасьцёрка дзетак плача,
Трэба хлеба ім, аднача.
Вось ад гэтае нядолі,
Каб ня чуці стогнаў болей,
Рушыў раз Мацей ў дарогу
Проста ў рай, к Самому Богу.
Ўздумаў праўды дапытацца,
Што рабіць, за што узяцца?
Брыў ці многа ён, ці мала,
Ў лес густы яго прыгнала.
Паўдня, мусіць, йшоў па лесе
Ды зблудзіўся, нос павесіў,
Сеў пад дрэвам і чакае,
Можа, пройдзе хто. Гукае.
Толькі ўчуў ён: нехта едзе;
Лес трашчыць, як ад мядзьведзя,
Конь капытам так грукоча...
Уцячы Мацейка хоча,
Хоча ўстаць – ніяк ня можа...
– Вось бяда дзе, моцны Божа!
Зьліўся потам ўвесь, трасецца...
Бачыць – сьвет к яму нясецца:
Бяжыць ясны, пекны конь,
Ўвесь гарыць, маўляў агонь,
Збруя белая раменна,
Ўбрана ў золаце адменна;
На кані, узяўшысь ў бокі,
Чалавек сядзіць высокі,
Пекна надта прыадзеты,
Але быццам з таго сьвету.
Вось узьехаў на паляну,
Дзе сядзеў Мацей зьляканы,
Конь спыніўся, стаў, чакае,
З воч яго агонь шугае.
«Што сядзіш тут, маладзец? –
Так спытаўся той язьдзец. –
Куды брыў, на што сабраўся?»
Мацей духу тут набраўся,
Зірнуў проста на яздца:
«Ў імя Сына і Айца!!!
Сьвяты Юр’я, пэўне, гэта:
Такі з твару, так адзеты,
Як я бачыў на абразу!»
Пасьмялеў Мацей адразу
Дый прамовіў да сьвятога:
«Я – Мацей з Бару Крутога,
Шмат дзяцей, паночку, маю,
А карміць іх чым – ня знаю.
Працаваў бы – не здалеці,
Бо гультай я ў гэтым сьвеце!
Красьці? – краў бы, дык баюся,
Бо, крый Божа, пападуся
Да пачцівых як людзей,
Так паходзяць ля грудзей,
Што жыць стане неахвота!
Вось такія мне клапоты.
Я і думаў, як мне быць,
Дзе спакой сабе здабыць?
Не дайшоў сам да нічога,
А надумаўся – да Бога
Я пайду і запытаю,
Што рабіць на сьвеце маю?
Ды у лесе во зблукаўся,
Начаваць у ім сабраўся...
Вы ж, паночак, быць павінна,
Ў неба едзеце ў гасьціны?
Дык мне ласку там зрабіце,
Аба мне ўсё раскажыце
I аб дзетках маіх разам;
Што там скажуць? З пераказам
Сюды едзьце проста ў лес».
«Добра, добра, я увесь
Для цябе гатоў служыць!
Як мне толькі не забыць
Тое ўсё, што ты казаў?
Я б паяс расьперазаў
На ўспамін, – дык меч спадзе,
Што параіш у бядзе?»
«Эт, панок! Я спосаб знаю, –
Простым розумам параю:
Каб вам мець перасьцярогу,
Не забыцца б ў Пана Бога, –
Адно стрэмя залатое
Вы пакіньце мне на тое,
Помніць будзеце ўвесь час,
Што я тут чакаю вас».
«Добра, розуму бярэмя
Маеш, чалавеча! Стрэмя
На, вазьмі  маё; сядзі
Ды чакай мяне, глядзі!»
I, Мацею стрэмя даўшы,
Сам паехаў, паскакаўшы
Зноў па лесе на каню...
Бляск ідзе, маўляў з агню,
Зьзяе стрэмя залатое.
«Вот бы мне яшчэ другое! –
Гэтак думае Мацей. –
Было б хлеба для дзяцей».
(Ўзрос Мацей і жыў бяз цноты,
Не было бацьком турботы, –
Дык ня дзіва, што лазаты,
Бэльзэбула сын рагаты,
З гэткай думкай падступіў,
А Мацей яе ўхапіў.)
Потым стрэмя закапаў,
Палажыўся і праспаў
Аж да заўтра, да паўдня...
Пралупіўшы толькі вочы,
Чуе: конь ізноў грукоча.
Сьвяты Юр’я то нясецца,
Мацей ў вус сабе сьмяецца.
Многа часу не чакаў,
Хутка Юры прыскакаў;
Конь пад ім гуляе, скача.
«Ну, ты слухай, небарача:
Аб табе з тваёю справай
Я ў абедзе за расправай
Богу ўсё як ёсьць сказаў;
Пастараўся, як зьвязаў,
I як ты жывеш, гаруеш
I зь дзяцьмі сваймі бядуеш;
Як галаву сваю ламаеш
I які ты розум маеш!
Так казаў, што ледзь-ня ледзь
Сам ня плакаў. Адпаведзь
Бог такую табе даць
Меў мне міласьць прыказаць:
Красьці – гэта грэх! Глядзі,
Ты ніколі не крадзі!
Калі ж будзеш ты што браць
У людзей, то, каб аддаць,
Надта рупіцца ня трэба,
От і будзеш меці хлеба.
А то часам і саўсім
Не аддай нічога ім:
Я ня ведаю, ня браў...
Калі ж будуць набівацца,
Ты ня бойся адпірацца,
Шчасьце знойдзеш так сваё.
А цяперака маё
Стрэмя зноў ты мне зьвярні».
«Стрэмя?! Я яго ня браў!
Хіба ж пан мне аддаваў?!» –
«Ану, як жа, – можа, не?» –
«Не давалі, панок, мне!
Мо’ ў дарозе дзе згубілі,
Мо’ саўсім бяз стрэмя былі?..»
«Не кажы, Мацей, пустога,
Свайго стрэмя залатога
Я ніколі не губіў;
Я пакінуў, як тут быў,
Ды ад’язджаць ўжо зьбіраўся».
А Мацейка не спужаўся:
«Ясны пане, мяне маці
Не вучыла, каб ілгаці,
I калі я вам сказаў,
Стрэмя вашага ня браў, –
Значыць, так яно і ёсьць,
Дайце веры, ваша мосьць».
Так Мацей выпрысягаўся.
Сьвяты Юры паспрачаўся,
Потым бачыць, што дарма
Тут стаяці, што няма
Ўжо ніякае надзеі
Вярнуць стрэмя ад Мацея,
Уздыхнуў дый кажа ціха:
«Ну, ня жычу табе ліха,
Бог з табою... Спажывай!
Дробных дзетак паднімай,
Хоць... Папраўдзе... Каб я знаў,
Стрэмя б мо’ табе ня даў».
I, сказаўшы так, сьвяты
Паскакаў у лес густы.
Мацей стрэмя адкапаў
Дый за пазуху схаваў
I пайшоў сабе дахаты
I вясёлы, і багаты.
Як ён сьцежачку знайшоў,
Як дадому ён прыйшоў,
Як далей ён сабе жыў,
З кім сварыўся, з кім дружыў,
Які ў жыцьцю меў ён цэль –
Я ня ведаю. «Круцель!» –
На яго казалі людзі.
Хай і гэтак сабе будзе!
Мне ж, калі так ваша ласка,
За маю за гэту казку
Чару мёду паднясіце
Ды закускаю дарыце.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.