Мораку шэрань разьліў вечар ля хаты маёй І праз фіранку вакна цэдзіць яе у пакой. Ходзік замоўк на сьцяне. Ціша, і гукаў – ні-ні, Чыйсьці я голас пачуў: «Сьпі, салавейка, засьні». Кволіць дрымота мяне. Я на пасьцелю прылёг. Мрояў штодзённых і кроз ява ўсплывае ў вачох. Мчуся, імкнуся у высь – лёгкасьць узьлёту адчуў, Кінуў пякельнасьць зямлі – і да нябёсаў лячу... Вечны блакіт. Дываны – воблакі. Я ў вышыні. Голас пачуўся ізноў: «Сьпі, салавейка, засьні. Муза сьпявае табе. Я на спатканьне прыйшла, Сон твой і твой супачын я пад апеку ўзяла. Жахі – і цела й душу джгалі жаглом на зямлі. Ну, а цяпер супачні – ў морак яны адплылі. Ты – недасяжны цяпер, – чынаў ня ўшчуняць тваіх. Зьнікне, як засьцьлівы дым, шэрань часінаў благіх. Сьпеў твой, як чар, загучыць, ён не замоўкне нідзе. Зышчаньне зманлівых сноў блізіцца, велічна йдзе; Хорам красы паўстае`; зьнічаў ня тускнуць агні. Іх не пагасіць ніхто... Сьпі, салавейка, засьні...»
28.I.1944.
|
|