РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Цяпер
Я ведаю цяпер,
Што я ня ведаю нічога, –
Сказаць сабе магу,
Калі
Назад вяртаецца мая дарога,
Стаміўшыся ўцякаць за край зямлі.
 
Вяртаецца туды,
Адкуль даўно пачаты
Яе разьбег і пахаплівы бег.
І ёй яшчэ схавацца
Хочацца пад шаты,
Як мне ў маленстве
Ад дажджу пад мех.
 
З гадамі ведаю,
Што край зямлі бывае,
Хоць круглая, як воблака, яна.
Я поўны да зямлі любові і павагі,
Як што ня так рабіў, мая віна.
 
Адчуў, ня дрэмле вечнасьць –
Скупінда старая:
Дні, што дала мне ўраньні напавер,
Хутчэй да хвілі забірае,
Калі мой вечар блізіцца,
Цяпер.
 
Я ведаю,
Што я хацеў бы ўрэшце ведаць.
Відней відаць мне цені на сьвятле.
Дасюль
У мамы ўсё зьбіраюся пасьнедаць,
А ўжо вячэра стыне на стале...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.