РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Веды
Малапісьменная
Паводле дадзеных глухіх анкет,
Мама сьмела
Ведала сьвет.
Дзіўлюся рознабаковасьці ведаў
Маці –
Ведала, што да чаго
На небе,
У лузе,
У хаце.
 
Ведала тэалёгію –
На памяць малітвы шаптала:
          Абнясі, Божа, тынам
          Ад зямлі да неба,
          Сахрані мяне, Божа,
          Адныні давеку.
 
Ведала астраномію –
Па зорках дарогу шукала,
Калі пад страхой нябеснай
Перапёлкаю начавала.
 
Ведала аграномію –
Што сеяць,
Калі і дзе.
Ведала магію сьветлую –
Як словам дапамагчы бядзе.
 
Была і ўрачом дзіцячым,
І цьвёрдым на руку ветэрынарам –
Цялят прымала,
Карову гарэлкай грэла,
Сына – адварам,
Ведала замовы
Ад вока злога,
Ведала,
Як нешта зварыць зь нічога.
 
Калі ў печы ўсё дагарала,
Кацёл дакарала:
          Чорт бы на цябе гаварыў,
          Каб ты варыў
          Заўсягды,
          Як на Дзяды!
 
Была філёлягам
З выключным слыхам –
Умела дзяліцца радасьцю кволаю,
Цьвяліцца зь ліхам.
 
Умела ладзіць зь ялінай калючай,
Са сьпёкай, з зольлю.
Словы лушчыла,
Як у прыпол фасолю:
          Новае сітца,
          Пакуль навісіцца,
          А як навісіцца,
          Дык і пад лаўкай наляжыцца.
 
Ведала міфалёгію
Паганскае даўніны,
Старых сьвятых, а ўсе яны,
Як і суседзі,
Малацілі і веялі
Зярняты спагады, надзеі,
Заклапочаныя, ды ня хмурыя
Міколы ды Юр’і,
Варвары ды Аўдакеі.
Хоць да Міколы
Ні зімы, ні лета ніколі.
Нішто, што Варвары
Начы ўварвалі.
 
Праўда, маме
Шмат чаго не ставала:
Спаць не магла да сьвятла,
На шарэньніку ўставала.
П’янела ад лебяды, ад кропу.
Яшчэ заблытвала
Прагноз гараскопу:
Застаўшыся з вайны ўдавою,
І жаўранкам была,
І савою.
 
Калі і еменкай і семенкай –
Паранка,
Устанеш раней за жаўранка.
Не раскруціўшы турботаў сувоі,
І ўдзень паляціш бяссоннай савою.
 
Яшчэ ня ўмела ў горы хіліцца,
Яшчэ ня ўмела
Маці хваліцца.
 
Так і не спасьцігла
Цяжкой навукі –
Стаяць рукі ў бокі,
Сядзець склаўшы рукі.
 
Пакуль рукі ёй не сашчапіла,
Пакуль адпачыць не ўзяла магіла.
 
Гэта і ў сшытку неба
Занатавана зорамі, –
Каб чытаў я да скону ў сораме,
Што ня ведаю нічога бяз мамы,
Што бяз мамы
Я – непісьменны самы!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.