РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Анямелы роў
Той роў
У неба
Нема
Роў,
Як горла жаху,
Ненажэрна.
Там паміралі акружэнцы,
Аж гліна не ўбірала кроў.
 
Кабеты назіркам ішлі,
Хто нёс апошнюю скарынку,
Хто неатухлую іскрынку –
Убачыць родных не ў зямлі.
 
І гаспадарыла ў ірве
Карманіха, нібыта ў клеці.
Карцела згрэбці ўсё на сьвеце
З жывымі дзецьмі
Не ўдаве.
 
Калі яна зьдзірала бот
З чарговага,
Раптоўна стома:
– Піць! –
Папрасіла, так, як дома,
Да маці пацягнуўся рот.
 
Счакала, покуль не заціх,
Сьцягнула бот –
Патрэбна ж пара! –
Калі раса на травы пала,
Адна пайшла
Пазьней за ўсіх.
 
Пасьля вайны:
Пасьля, пасьля
Ў казённых ботах афіцэрам
Сын прыязджаў у стахлы церам,
Яна маўчала, як зямля.
 
Здавалася, што неба кпіць
Зь яе ад раньня да зьмярканьня,
Калі ў лугах прасіла каня,
Нібы ў ірве жахлівым:
– Піць...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.