РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Маці прыехала
Да сябра старая маці прыехала,
Як восень пазная з грыбамі, з арэхамі,
З пагоркамі магілёўскімі,
Зь бярэзьнічкамі, ляскамі,
Дзе сьмех Міхаськаў дагэтуль галёкае,
Вавёрка пацехі арэхі лускае.
 
Прыехала Каляда багатая,
Ацішаная зіма,
Пакункі, клумкі вяроўкай, шпагатам
Паперавязвала сама.
 
Маці глядзіць, як жывуць мінчане,
А ўсё заўважае, а ўсё прыкмячае,
Як пража сынавых дзён прадзецца,
Чаму, калі прыйдзецца, спаць кладзецца,
Калі абедае, жывот ці ведае,
Чаму тут пасьцілкі завуцца пледамі?
 
І ўвішней дзён каляндар гартаецца,
І сын неўпрыкметкі туды вяртаецца,
Дзе сьлед яго босы ўспамінам казычыцца,
Дзе добрага многа нябёсамі зычыцца.
 
Я помню, як зь ліўнямі і дажджамі
Вушацкімі
Мама мая прыязджала,
І мне рабілася ўмомант сьветла,
І мова са мной размаўляла ветла.
Я сябра наведаць хачу,
А баюся,
Што ў скрусе
З дарогі саб’юся,
Нібы ў завірусе...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.