РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Коні
А вывезьлі столькі эпох
І столькі аблог узаралі,
Што чуў недзе ў небе
Бог,
Як пахла ральля сырая.
 
Хацелася быць на кані
І ратніку і аратаю.
Чакалі распрэжана дні,
Хто іхні галоп забрытае.
 
Імчаліся наўскапыта
Вякі –
І адсталі коні.
– Дзе коньнікі? –
Юр’я спытаў,
Ня зьлезшы з каня на іконе.
 
Вязуць скакуноў,
Цягуноў,
Як некалі пеўня лісіца,
Машыны.
Няма цыганоў,
Украсьці ці хоць прыцаніцца.
 
А як сіўка-бурка на смак,
Абед чарнабурка чакае.
І грыва ў дзядоўі наўзмах
Да траў прыдарожных сьцякае.
Ня трэба натугі ляза,
Зацятасьць імгненная ў тока.
І падае з конскага вока
Цяжкая ад болю
Сьляза.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.