РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Бяседа
Да часу маючы інтэрас,
Не зачыняючы дзьвярэй,
Гаворыць зь векам
Зоська Верас,
Як з братам,
Што крыху старэй.
 
А ў дзьверы –
                                госьці,
                                госьці,
                                госьці –
Навіны,
Клопаты,
Лісты
Са сталасьці і з маладосьці,
Зь віроў,
Дзе згінулі плыты.
 
Плыты з купальскімі вянкамі
Плылі з наіўнаю тугой.
І жаўрукамі-шаргункамі
Гады зьвінелі пад дугой,
 
Якая ў клопаты ўпрагала,
Каб усьміхнуўся край бацькоў.
...Стае маленькага прагалу
Хаціне.
Лес з усіх бакоў.
Тут ляды ночы карчавала,
Цярэбячы дарогу дню,
І ў полі мовы начавала,
Каб слухаць раньня цішыню...
 
Стаяць цярпліва вёдры, кадкі,
Ваду чакаюць са страхі.
Водаправод ня ўсватаў хаткі.
Грымоты кашаль б’е сухі.
 
Затое радасьць не скупая!
Вада –
Яна радня сьлязе.
З лучыны,
Што ўспамін скіпае,
Кош
Кірмашовы сьмех вязе.
 
У сасьняку гадоў
І цераз
Раку падзей,
            надзей
            і страт
Гаворыць зь векам
Зоська Верас
І слухае
Старэйшы брат...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.