Міклашэўская Феліцыя Антонаўна, Матка хросная мая (Па-ўшацку – Фэля), Чарку поўніла, каб злосьнікі затонулі, І піла, каб і зайздросьнікі ўхмялелі. І ў гарод, нібы ў касьцёл, Ішла сьвяточная. Сын загінуў. Муж памёр. Не прышукаўся зяць. Жартавала, Хоць канцы з канцамі сточвала: – Ёсьць, было, і ведаю, Адкуль узяць! Бражку гнала, Не давала ёй адстояцца, Субяседніца, Спагадніца, Застольніца: Ня пі куба да Якуба Ані да Міхала. Ані ты, ані я – Кунпанія цала. Быццам нітку баваўняную з ваўнянаю, Слова польскае з вушацкім перасуквала. Модлы ціхія З паганскай песьняй Янавай Перамешвала, Частушкай перагуквала. Выхадзіла пані Яня, Танцавала вальцы, Цалавала пані Яня Пану Яну ў пальцы. І ражкі бялюткай хусткі ў сьмеху трэсьліся, На вузельчыкі пад барадой завязанай. І гасьцінца у хусьцінцы несла хрэсьніку. Не сварылася ні з крыўдай, ні з абразаю. Урачыста-засмучоная, Як Радаўніца, Велікодна-захмялелая, Як раніца, Нагарбелася над лехамі, над кроснамі Кшчоная няхітрай песьняй Матка хросная.
|
|