Такая быццам, як і ўсе, Аднак, Але ж, Усё ж Зусім ты не такая. Па непалоханай расе – Каб не сурочыць! – Басанож Тваё імя ступае. Твой недавер, Твой сьмех, Твой гнеў Такія ж быццам, як ва ўсіх, Ды ўсім я запярэчу: Іначай голас твой зьвінеў, Ён мне зьвініць, ён не заціх, Вяшчуючы сустрэчу. Такім быў, як і ўсе, Але Зрабіўся іншым я, Калі Твайму паверыў болю. Хай адкіплю сваё ў смале, Быць грэшным добра на зямлі, З’іначанай табою!
|
|