РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
А самых самотных на сьвеце двое –
Чалавек на зямлі
І на небе Бог,
Ахінуўшыся даўніной сівою,
Зьвінаюць і разьвінаюць сувоі
Зямных трывог,
Нябесных дарог.
 
А чалавек, ён ня Бог,
Нябога,
Зямныя трывогі ягоныя ўсе.
Ён моліцца болей на поўны бохан
І, спадзяваючыся на Бога,
Сваёй гадоўлі авец пасе.
 
Свае дарогі нябесныя ў Бога
Выбоістыя, як Млечны Шлях,
Самотнаму дома сядзець убога,
Пасе перуна,
Як быка рабога,
Што можа рогі ўсадзіць наўзмах.
 
У госьці б схадзіць
Аднаму да другога,
Не выпадае, няма калі.
Чалавек бяз Бога не да парога,
Нялёгка зь мейсца скрануць старога.
 
Вятры ўсе сьцежкі пазамялі.
Адзін на небе,
Другі на зямлі,
Абодва маўчаць,
А над імі бяз шуму
Плывуць аблачыны іхняга суму...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.