РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вяртаньне «Пана Тадэвуша»
І

 
Сьвятло праз рэшата кратаў
У цэлю сееца сеўма.
І на чарговым допыце
Паспалітае сьледства разгневаўшы,
Браніслаў Тарашкевіч –
Пасол вяльможнага сейму –
На халопскую мову перакладае
«Пана Тадэвуша».
 
Дагасаюць сухотна
Турэмнага вечара барвы,
І ўпарта брыклівы довад
Прыводзіцца адвакатамі,
Што вязень, хоць беларус,
Не зусім такі барбар,
Бо Адама Міцкевіча
Перакладае за кратамі.
 

ІІ

 
Верхнія нары.
З вылежаных цалёвак пасьцель.
Што яшчэ трэба інтэлігенту?
«Пана Тадэвуша» Пятро Бітэль
Перакладае на пергамэнце
Мяхоў з-пад цэменту.
 
Кавалак волава –
Цяжкое сьціло.
Чарніла трывалае –
З турэмнай бальніцы зялёнка.
Не працісьне праз краты
Аерыстае крыло
Зь Вішнева бяссонная слонка,
 
Ня скіне ворагу ўлады
На шчасьце пяро.
Для школьніка Лёніка,
Роднага ў сібірскім прымусе,
Перакладае Міцкевіча
Яшчэ малады Пятро
І для адабранай у яго
Беларусі.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.