РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Успомненае цяпло
З самім сабой,
З агнём у печы
Пад вечар
Ціха пасядзець.
Даверыўшы спакою плечы,
Цікаўна печы ў рот глядзець.
 
Глядзець,
Як полымя глыдае
Сукі,
Паленьне,
Круглякі,
Чуць,
Як за шыбай халадае,
Як б’юцца ў дзьверы скразьнякі.
Дрыжыць за сьценкай
Куст рагаты.
Вярнуўшыся з далёкіх год,
Сьмяецца печ –
Апора хаты –
На ўвесь залатазубы рот.
 
І наплывае,
Наплывае
Забыты сон
Забытых дзён,
Вяртае
Памяць ветравая
Цябе да чэрствых баразён.
 
Крадзецца цішыня начная.
Апошні вугалёк датух.
Душу ласкава ахінае
Дух печы,
Продкаў вечны дух...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.