РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Парашутны шоўк
Я ў прадаўшчыцы папрашу таго,
Які шуміць мне ўсё ўвушшу,
Адмераць шоўку парашутнага,
Адмераць шуму папрашу.
 
Тупых нажніц застыгнуць сківіцы,
Ім звычна кроіць цішыню,
І прадаўшчыца яўна скрывіцца,
Пачуўшы просьбу ўпершыню.
 
Прамень аб шыбіну задзынкае.
А мне шуміць,
А мне ня змоўк
Касінкай хітраю,
Касынкаю
Сьмяецца парашутны шоўк.
 
А мне ён муркае, як котачка,
Скрыпіць, як ранішні шарон.
На маме аблачынка-кофтачка
Бялей за белы пыл з жарон.
 
І гузікі,
Нібы сунічыны,
Што я ў гарнушак назьбіраў.
Вайна далёка.
Вораг зьнішчаны.
Абнова маме паднараў.
 
Сабе самой такой багатаю
Здаецца мама.
Не пажоўк,
Адмераны ўдаве спагадаю,
Дагэтуль
Парашутны шоўк.
 
Ласкава памяць папрашу таго,
Што мне шуміць яшчэ ўвушшу,
Адмераць шоўку парашутнага,
Адмераць шуму папрашу.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.