РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
– Рыгор, цягні багор,
Бо тачыла плывець! –
Мама, бывала, мяне будзіла.
І я прывыкаў да штодзённага дзіва,
Заспаныя вочы прадраўшы ледзь.
Да сэнсу прадрацца
Цікаўнасьць тачыла:
Як гэта можа плысьці тачыла,
Дзе плавае чорны дубец-вугор,
А што, калі не пасьпее багор?
Міналі гады,
І жыцьцёвы бугор
Рос, быццам горб,
У дарог за плячыма.
І мне прыдаўся далёкі багор,
Ім, сьцяжалелым, цяпер магчыма
Уратаваць тачыла гадоў,
Хай ненадоўга,
Пакуль не затоне,
І зь нераскінутых невадоў
Выбраць нявыспанае сутоньне.
Я адпіхнуцца гэтым багром
Ад берага старасьці
Намагаюся.
Пакуль ад сну не прахопіцца гром,
Намахаюся.
А бераг –
Ён валачэ да сябе –
Бераг старасьці,
Бераг сталасьці.
Плынь
Упартага плытніка з ног саб’е,
Каб змора хваляю распласталася,
За плыньню ранішняй цяжка ўгнацца.
Праспаў паромшчык.
Адплыў паром.
А хочацца зачапіцца багром
За бераг юнацтва.
Час адстае.
Багра не стае.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.