РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Каложа
Дануце Бічэль-Загнетавай
 
Каложа –
Беларуская ўдава,
Надзеяй і трымаецца над прорвай.
Як, час,
Раўніва неба ні заворвай,
Валошкаю прыкінецца трава,
Вясёлай Васіліхай, Васілька,
Які пабраўся зь песьняй,
Гожай жонкай,
Каб не сплыла засьвечанаю плёнкай
Цяжкая памяць
Пана-мужыка,
 
Што панаваў
Над цёмнай аральлёй,
Апанаваўшы
Зорныя разлогі,
Што мог павесіць
Веташку на рогі
Сушыцца
Лапаць зь цёплаю зямлёй.
 
Што змусіў неба
Заўважаць царкву,
Якую ўзроўе ўзьнесла
Над вірамі,
Хаўрусіў з завірухамі,
Зь вятрамі,
Каб хараством
Маліцца багаўству.
 
Плывуць вянкі па Нёмну,
Як плыты,
І жмурыцца байніцамі
Каложа.
Паслухай,
Як яна пытае:
– Божа,
Калі мы аўдавелі,
Я і Ты?
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.