РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Як і сучасны кемны будаўнік,
Бог,
Здаючы аб’ект,
Усё да кропкі
Зрабіў,
Ды непрыкметна недаробкі
Пакінуў –
Працаўнік
Меў свой разьлік,
 
Каб чалавек,
Якога ён стварыў,
Хацеў паправіць
Недаробкі Бога,
Каб дарабляў як сьлед
Сябе самога,
Адчуўшы ў працы
Ранішны надрыў.
 
І чалавек датуль,
Пакуль жыве,
Упарта
Сам сябе перарабляе,
Лісьцё гадоў
Зграбае аграблямі,
Свой
Косіць цень
На сьвежай мураве.
 
Лягчэй аб мур маўчаньня
Лоб разьбіць,
Чым раскусіць
Сухар пытаньня прэсны:
Чаго недарабіў
Прараб нябесны,
Што мог
І што не захацеў рабіць?
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.