РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
А казкі ведалі раней за нас
І нораў наш,
І ўсе, што будуць,
Войны,
Характар маючы
Пяшчотна-мройны,
На чорны дзень
Рабілі свой запас.
 
Зьбіралі казкі Птушак і зьвяроў,
Іх надзялялі кемнасьцю і ўмельствам,
І мовай, каб усім жывым сямействам
Трымаліся сваіх балот, бароў.
 
Каб пільнаваліся
Мясьціны той,
Дзе расьцьвітаюць папараць і лотаць,
Каб чалавек кусаў сябе за локаць,
Застаўшыся сам-насам з глухатой.
 
Калі ані капыт,
Ані крыло,
Ні лапа асьцярожная,
Ні дзюба
Ня спудзяць цішыню,
Ні жолуд з дуба
Ня грукнецца ў падземнае жытло.
 
І будзем,
Каб людзьмі застацца,
Мы
Па згубленыя намі
Шчырасьць, ласку
Вяртацца,
Каб згадаць багацьце,
У казку,
Гартаючы ўцалелыя тамы.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.