РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Людажэр
Зь людажэраў усіх,
што жылі на зямлі калісьці,
самы рахманы,
самы жаданы –
ліфт.
Ліфт – радавы арміі,
што завецца ліфтвафэ.
Ён глынае, глынае, глынае
закаханых і занядбаных,
прайдзісьветаў і летуценьнікаў,
гультаёў і старэньнікаў,
навукоўцаў, службоўцаў, чыноўнікаў,
паэтаў з вэрлібрамі ўласнымі
і з чамаданамі парадкоўнікаў.
Але, глынаючы штохутчэй
усіх жывых,
вачэй не заплюшчваючы,
назад вяртае іх
цалюткімі.
І гэтак цэлымі суткамі,
месяцамі,
гадамі
глынае, ледзь месьцячы,
зь цямна да цямна,
а па начох галадае.
І ўстаўшы раней,
пакуль наш пад’езд сьпіць,
чакаю, пакуль ён рыпіць
заспаны нясьпешліва,
зьвяртаюся, нібыта
наш незьлічонакватэрны дом,
маналітна,
як да шаноўнага пана, да ліфта:
– Праглыні мяне першага,
дабрадушную ляпу шырэй ашчэр,
добрай раніцы,
людажэр!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.