РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Трыпутнік
*

 
Калі прыходзіць да канца дарога,
Асьмелься запытаць сябе самога,
Што ты пасьпеў зрабіць?
 
*

 
Як грошы, людскія гады,
Удосыць – ня лічыш тады.
Увобмаль – дрыжыш над капейкай.
 
*

 
У люстэрка глядзі ў несхаванай журбе,
На імгненьне запомні жывога сябе
Перад тым, як зрабіцца зямлёю.
 
*

 
Калі чаканьня невады з вады
Выцягваюць сушыць твае гады, –
Час пазнаёміцца з самім сабою.
 
*

 
Нас кожны дзень, прызнаць мы мусім гэта,
Цясьней абносіць лютым дротам гета,
Якое сумна старасьцю завецца.
 
*

 
Нашай існасьці кволай пылінку
Затрымае жыцьцё на хвілінку,
Каб навечна аддаць небыцьцю.
 
*

 
Мы з гадамі, як ракаўкі, дзе
Глуха мора надзеі гудзе,
Калі вечнасьць падносіць да вуха.
 
*

 
З намі час, як і зь пяском дзіця,
Забаўляецца, праз пальцы цэдзіць, –
І зьдзімае з далані жыцьця.
 
*

 
Жывём наіўнасьцю сьвятой,
Наступным днём, а сьветлы той,
Калі табе прысьніцца мама.
 
*

 
Як назваць яго, Лёсам ці Богам,
Дзякуй, што ашчасьлівіў астрогам,
Дзе ў няволі нам вольна нарэшце.
 
*

 
Пакуль жывеш, ты сьніш свой сон,
Прачнесься – і сканае ён.
Сон твой дагледзіць спадкаемца.
 
*

 
Цяпер, каб цябе не было,
Прыдумаў наноў бы ўсё роўна
Цябе, апрануўшы ў сьвятло.
 
*

 
Мае гады з характарам жаночым,
На іх забыцца варта мне на міг,
Яны адразу ў гвалт: «Мы ўвагі хочам!»
 
*

 
Каханьне і веру ня трэба
Усім выстаўляць напаказ:
Душа толькі чуе і неба.
 
*

 
Прытомлены жыцьцёваю дарогай,
Сам у сябе заглядвай з асьцярогай:
А раптам раб там?
 
*

 
Усе пад небасклепам мы, як садавіна,
Што ведаць тэрмін свой сама павінна,
Ды мы яго ня ведаем ніколі.
 
*

 
Лісьце нашых дзён лістабоем нябыту сячэ,
Калі маладыя, нічога ня страшна яшчэ,
Пад старасьць ужо нам ня страшна нічога.
 
*

 
Мае весялосьць дзіравы кубак,
Пазірае смутак белазора.
Радасьць разлучае, зводзіць гора.
 
*

 
Родны кут, як гнязьдзечка ў траве,
Там – дзе маці табою жыве.
Дзе ён, калі памірае мама?
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.