РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Валярына Кустава
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Замова ад Злыдухаў
Сыдзі, сыдзі, Злыдух, з камянёў
сыдзі, сыдзі з рамёнаў і клецяў!
I мы а трэйцяй дзядоў памянём,
і а чацьвертай – бацькоў прывецім,
а ўжо а пятай – дзяцей асьвенцім,
як хлеб і лёс,
як Хрыстос зь нябёс.
 
Мы маем мову сваіх дзядоў
і ёю мовім да вас, Злыдухі:
сваіх імёнаў, капцоў гадоў
мы не дамо вам,
мы – Белаўнукі!
 
Мы не асьлепім сваіх вачніц,
мы беладушаў сваіх ня зьнішчым,
мы заклінайма паўзьці вас ніц
лёсткай вужакай па папялішчы!
 
Мы – Белаўнукі!
Для боства ў нас
ёсьць боль і горыч – мы гэтым жывы!
А што, Злыдухі, да вас – то ў вас
няма нічога бяз боскай сілы!
Вы толькі здатны цягнуці жылы...
Бяз боскай сілы...
Бяз боскай сілы няма нічога! –
вы ля парога
пёркі на крылы
цягнулі ў Бога...
 
Сыдзі, сыдзі, Злыдух, з камянёў,
сыдзі, сыдзі з рамёнаў і клецяў!
I мы а трэйцяй дзядоў памянём,
і а чацьвертай – бацькоў прывецім,
а ўжо а пятай – дзяцей асьвецім
зіхотным днём.
 
А вы ўсе прэч, прэч адсюль, Злыдухі,
вас заклінайма мы, Белаўнукі!
 
Сыдзі, сыдзі, Злыдух, з камянёў
і мы ў спакоі дзядоў памянём.
Сыдзі!
Сыдзі!
Сыдзі!
 
2003 (а 3-й гадзіне ночы апасьля Радаўніцы)
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.