РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Валярына Кустава
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
У чароўнай краіне мрояў,
у цудоўнай краіне мараў
заблукалі мае гэроі,
заблукалі мае харалы.
 
Дакрануўся да зоркі ветах
і зазьзяў ’шчэ ярчэй, а вецер
удыхнуў дух і веліч лета
ў маладое зялёнавецьце.
 
Усьміхнулася зорцы рэчка
крышталёвай сваёй усьмешкай
і спазнала сінечу ўрэшце,
паяднаўшыся з млечнай сьцежкай.
 
Сівізна пракаветнай белі
туманамі зьляцела долу –
пухам пёраў сьнягі аселі
ў сьпёку сонную без дазволу,
 
захінуліся ў срэбны вэлюм
твар і косы паломнай ночы.
Месяцовай поўні арэлі,
расьсякаючы сум прарочы,
 
зьзіхацелі блакітным лёдам
(а ліхтарні значнелых вуліц,
як маленькія поўні зь мёдам,
люстраваньні вялікай туляць).
 
У чароўнай краіне мрояў,
у цудоўнай краіне мараў
пасівелі мае гэроі,
пасівелі мае раманы,
 
дзе сагрэта ў далонях неба,
высьпяваюць, як смоквы, сонцы,
дзе капцамі мудрэе глеба,
выпраўляючы ў шлях бясконцы;
 
дзе апальваюць чалавека,
як гладыш зь мяккацелай гліны,
і зьбіраюць аскепкі ў рэха,
акрапляючы боскай сьлінай;
 
дзе ня зьведалі птахі вырай,
не сплылі рыбы ў чужарэкі,
пчолы не прыхавалі вырак
вырачэньня на вульляў стрэхі...
 
У чароўнай краіне мрояў...
У цудоўнай краіне мараў...
 
2003
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.