РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Валярына Кустава
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Здоля згубы
380
Па аблоках бягу без адзеньня і босы,
а за мной уздымаюцца крылы-нябёсы... 
#З раньніх вершаў

 
Я аднойчы стаяў на даху
аб суцешнае трызьніў сьмерці,
і я прагнуў яе, як дзеці,
для бацькоўска-сяброўскага страху
і любові, уздадзенай з гакам.
Я хацеў каб на белым дасьвецьці
апраўдалі маё адлецьце,
каб адным-адзінюткім махам...
Каб па мне галасілі сілы,
каб мяне абдымала мама,
каб мяне не пускала брама
залатая, дзе Божа мілы,
калі цела адчуе паветра,
калі сьвечкі запаляць каштаны
у аздобе нябеснае манны,
калі ветах прастудзіцца ветрам,
калі вежы апусьцяць голаў
калі юды юдолі ўкленчаць,
калі іх, як прасьвіры, асьвенчаць;
і скрыпач заіграе сола,
і струна затрыёліць: «Досыць!..»,
і паўстане лугамі ганьба,
калі будзе ўздадзена даньба, –
па вадзе Езус прыйдзе босы;
калі смык парве каляіны,
калі колы зацягнуць аблокі
і плугі пазнаюць аблогі,
а зьняважнікі – вырай асіны;
і застогнуць сумоўныя сосны,
і зьяднаецца дождж у грымоты,
каб самотай апошняй ноты
акрапіць небаболь мой росны.
 
Як агмень, запякуць папругі,
напаўзуць на ногі, на рукі
гнаявыя князёўны – мухі,
калі схочаш зьмяніць свае рухі,
калі схочаш парваці з хеўрай,
што ахвярнасьць прарокаў пляжыць
на дняпроўскім і нёманскім пляжы
мо’ саўюцца ў спружыны нэрвы,
не ўгняздуюцца ў словах думкі?..
Заручоны з пустэльнай цішай,
не прамоўлю ні клятвы лішняй:
гукі – як маўчаньня рабункі,
цішыня - як спынак у вершах,
цішыня – амінь між малітваў
і магута Віленскіх Літваў
а сьцішэласьць – юдоль няпершых.
 
Неба глуха губляе зоркі,
не пасьпеўшы ўзгадаць жаданьне,
і гавее сасьпелае раньне
спачуваньнем за лёс іх горкі.
Галізною чарнеюць клёны,
прыспусьціўшы цені з галінаў, –
ну зб якіх галівудскіх кінаў
мы ўсе ўбачым на дрэвах імёны?..
Ці мы ўгледзімся ў твары-дрэвы,
ці спазнаем, што дыхаць трэба,
ачышчаючы бездань неба,
спавядаючы плач залевы,
памятаючы толькі сэрца,
ўзгадаванае едным сумам, –
каб ня сплавіцца ў шарасьць тлумам
і сьцяжынаю, што парвецца,
не прадоўжыць свае зародкі,
калі нават удар з-за сьпіны
і паўсюдныя зьдзекі-кпіны?!.
Мы ж таксама чыесьці продкі!..
 
...Я аднойчы стаяў на даху
трызьніў пра немінучасьць сьмерці
й палюбіў я жыцьцё, як дзеці...
 
2002
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.