РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Валярына Кустава
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Змова тугі
Зьдзічэла мая туга...
Ёй прыкра, ня ў змогу болей
спатольвацца на адзіноце,
не давяраць пяшчоце,
і жалем высьпельвацца, болем,
і патураці няволі,
і ад яе люцець,
і ценем нямым вар’яцець,
і крыўды чакаць,
і юдолі шукаць...
 
Зьдзічэла мая туга...
I зруйнавала міфы,
і зружавела фарбы,
і раскапала скарбы
заклятыя,
як Эмілія Плятэр
у празе знайсьці клады
памяці і жуды,
што мацавалі ўспаміны,
быццам галінкі алівы.
 
Зьдзічэла мая туга...
Я – знайда ў сваім Сусьвеце,
маленькім скразным сусьвеце,
меншым за кожнае «я»,
што празь мяне жыве.
Я акрыяю ў Леце,
верце мне, птахі, верце,
я ажыву апасьля –
покуль ’шчэ сьлёз не стае
крылы ўкрыліць свае,
покуль жыцьцё не дае...
 
Зьдзічэла мая туга...
Як Сьвіслач згубіла вены,
нібыта Няміга – гены,
бы Троя, – спакой, – з-за Алены.
Як мы ўсе ў чаканьні зьмены,
зьдзічэла мая туга.
 
Зьдзічэла б мая туга,
калі б не маё маленства...
 
2003
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.