Трымціць у вадзе аер. Хачу цеплыні, спакою. А я – напалову зьвер – Маўчу нематой людскою. Я – вылюдак для людзей, I я ж для ваўкоў – пачвара. У ціхай, як ноч, вадзе Русалка аб ліўні марыць. I я нават ёй – нішто, Як зорка – нішто для багны. I поўсьць ня стане шчытом Ад срэбранай кулі прагнай. Аер ад стрэлу ўздыхне, I куля ўвап’ецца ў грудзі... За што ж караюць мяне I Бог, і зьвяры, і людзі?
|
|