Адліга ўздыхае ў вільготнай цямнечы, I звычай дзядоўскі нам час аднавіць. Давай жа запалім грамнічныя сьвечкі – І зло разам зь цемрай ад нас адляціць. Малы Дамавік зашкрабецца ў куточку I Лазьнік у ваннай даесьць павука, I горад, грамнічнай пабуджлны ноччу, Пачне ад бяссоньня ратунку шукаць. I горад ня здолее нават зьдзівіцца, Убачыўшы, хто не дае яму спаць – Маланкавалосыя гэта Грамніцы На воблаку срэбных мятлушак ляцяць! I сьвет ажыве – і паганскі, і боскі, I глеба ўздыхне мацярынскім цяплом. I гаснуць агеньчыкі ў лужынах воску, I трэба ўключыць у пакоі сьвятло... I ноч адыходзіць па вуліцах гразкіх, Па вузкіх сьцяжынах зімовых алей... I жывіць душу таямніца і казка. I неба – бліжэй, а зямля – даражэй.
|
|