Той не пасьпеў свае дасьпеліць песьні, А гэты, што зьбіраўся сеяць іх, Быў пакараны сьмерцю напрадвесьні. Сьвет страціў слова, як музыка – слых. Зямля дарма нам піша камянямі I зморшчынамі хворых ручаін Сьвятую песьню, страчаную намі, Наш лічыць сьвет – разумны ён адзін. Яму здаецца – ён аброс, як поўсьцю, Мэлёдыямі ўсіх масьцей і моў. Але змаўкаюць птушкі. Суха ў роце Старога млына. Млын апошні змоўк. Мы забіваем нематой прыроду. Званы здымаем. Робім штучны мёд. I не сьпяваем – пішам Песьні – робім. І траціць слых сумленьне з году ў год. Пасьля і голас згубіць непрыкметна, I пад абцас – апошнюю пчалу... I стане чутна – коціцца планета Адцятай галавою у імглу.
|
|