РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Плач русалкі
Як сьвяткавалі ’шчэ Купальле
На берагах ракі маёй
З усходу воі прыскакалі
Смуглявай хіжаю гайнёй.
Я доўга чула віск і лямант –
Захопнікаў усе клялі.
Ды людзі ўпэўніліся самі,
Што крыкам не вярнуць зямлі.
Мацьнейшыя пабралі зброю,
Сплылі – куды чаўны нясуць.
Другія ж – пераймалі строі,
І мову прыхадняў, і суд.
Там, на гары, стаяў будынак -
Лічыла нават я – сьвяты.
Плыў па вадзе яго адбітак,
Нібыта ветразь залаты.
Каб коса не глядзеў чужынец,
Туды баяліся хадзіць,
Пакуль тутэйшы баязьлівец
Не загадаў той храм спаліць.
Часала косы я ў чароце,
І чула чыйсь дрыжачы шэпт
Аб ваяўнічым злым народзе,
Які скарыў цалюткі сьвет.
Яны яго хвалілі талент
І моц, дурныя пячкуры!
Бо іх майстроў найлешых бралі
Сабе
          захопнікаў цары.
Цячэ вада... Чарот гайдае,
І зоры зьзяюць скрозь чарот.
І ўжо іначай называе
Сябе зваёваны народ.
І на Купальле не лунаюць
Дзяўчыны ў лозах ля ракі –
Прабабкі іх даўно аддалі
Чужынцам белыя вянкі...
 
1988
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.